Выстава " І зорка гарыць, і не вяне вянок..."

04.12.2021

         9 снежня споўніцца 130 год  з дня нараджэння аднаго з самых таленавітых  беларускіх паэтаў,  імя якога стаіць поруч з імёнамі Янкі Купалы і  Якуба  Коласа.  Школьная  бібліятэка з гэтай нагоды падрыхтавала выставу літаратуры, прысвечаную жыццю і творчасці Максіма Багдановіча.
         Максім  Багдановіч – паэт, перакладчык, крытык і гісторык літаратуры -  нарадзіўся  9 снежня 1891 г. у Мінску.  Кароткі  быў яго жыццёвы век – усяго 25 гадоў.  Многія літаратары ў такім ўзросце толькі пачынаюць творчую дзейнасць.
          Пісаць Максім паспрабаваў прыблізна ў 10-11 гадоў, на беларускай мове, якой авалодаў самастойна. У канцы 1913 г. у Вільні выйшла адзіная прыжыццёвая  кніга М. Багдановіча – паэтычны  зборнік «Вянок».
         М. Багдановіч – адзін са  стваральнікаў беларускай літаратуры  і беларускай літаратурнай мовы новага часу. Але ўсё ж зорны Багдановіча час прабіў у 1960-я гг., калі ён быў прызнаны трэцяй  раўназначнай зоркай у небе нацыянальнай паэзіі – поруч з Купалам і Коласам.         
         З канца 1980-х – пачатку 1990-х гг., у выніку краху ідэалагічнага прэсу і адраджэння  эстэтычных крытэрыяў мастацтва слова,  геній М. Багдановіча заваладарыў на ўсю моц. Сёння мы ставім яго імя побач з імёнамі выдатнейшых еўрапейскіх пісьменнікаў.
         Выстава раскрывае жыццёвыя старонкі і багатую творчую спадчыну Максіма Багдановіча.  Менавіта яго творчая спадчына – істотная частка духоўнай  культуры  беларускага  народа. Паэт першым паспрабаваў розныя формы вершаў, у тым ліку санеты, трыялеты,  ронда,  з якімі можна пазнаёміцца на выставе.
         На выставе можна пабачыць і пазнаёміцца са шматлікімі творамі Максіма Багдановіча,  у тым ліку са знакамітым зборнікам вершаў  “Вянок”, паэтычным зборнікам “Шыпшына”. Адметнай  рысай  вершаў Багдановіча з’яўляецца  тое,  што яны беларускія  не  толькі  па слове, але і па духу.